понедельник, 1 ноября 2021 г.

МЕСЦА, ВАРТАЕ ЎШАНАВАННЯ

 

Капліца (абведзена чырвоным) на нямецкай схеме баявых пазіцый часоў І сусветнай вайны

У 1906 годзе, праз чатыры дзесяцігоддзі пасля закрыцця царскімі ўладамі крэўскага касцёла, мясцовыя католікі дамагаюцца аднаўлення былой парафіі. Пра вяртанне вернікам будынка іх колішняга храма не магло быць і гаворкі, бо яго тады займала праваслаўная Свята-Троіцкая царква. Для вядзення набажэнстваў ім прапануюць адзін з двух складоў гэтак званага “запаснога хлебнага магазіна”.


Малюнак Крэўскага замка, выкананы невядомым аўтарам у канцы ХІХ ст. На гарызонце, як мяркуецца, - будынкі запаснога хлебнага магазіна

Склады размяшчаліся на высокім пагорку за вуліцай Багданаўскай, які людзі старэйшага ўзросту дагэтуль называюць Магазыншчынай. Адначасова існуе і іншая назва мясцовасці, больш старажытная, – Уваскрэсенне або Уваскрэсенская гара. Яна пайшла ад наймення царквы, якая, як мяркуецца, некалі тут стаяла. Царква ў сваю чаргу дала назву Уваскрэсенскім могілкам, што раскінуліся побач. Праўда, ад іх у наш час не захавалася і слядоў, аднак на плане Крэва 1869 года тыя могілкі яшчэ пазначаны.

Мясцовыя парафіяне, а іх налічвалася тады больш за 6 000 чалавек, згаджаюцца на прапанову ўладаў. Пад кіраўніцтвам ксяндза Антонія Асціловіча яны пачынаюць прыстасоўваць былы склад для вядзення службаў, падумваючы пры гэтым аб узвядзенні новага, больш прасторнага і больш прыгоднага для святых спраў будынка.

На шляху вернікаў час ад часу паўстаюць разнастайныя выпрабаванні. Напрыклад, вясной 1907 года, як пра тое паведамлялася ў газетах, капліца была абрабавана зламыснікамі, якія прабраліся туды праз выламанае акно. Былі скрадзены дзве скарбонкі з грашыма і некаторыя срэбныя рэчы.

Дзяржава хоць і дапамагала фінансава крэўскім католікам у справе адраджэння святыні, але па нейкіх прычынах дапамога тая была не зусім дзейснай. З каштарысаў “на пабудову і рамонт казённых і іншых грамадскіх будынкаў за 1906 год” (“Обзор Виленской губернии за 1906 год”. Вильна, 1907) бачна, што на будаўніцтва касцёла ў Крэве ў той перыяд была вылучана даволі вялікая сума – 22 007 рублёў, 90 капеек. Гэта крыху менш, чым, да прыкладу, на ўзвядзенне каменнага касцёла ў Смаргоні (29 675 руб., 63 кап.), але больш, чым на такі ж храм у Красным Вілейскага павета (18 264 руб., 38 кап.). Толькі чамусьці да пачатку вайны не толькі Смаргонь, але і Краснае ўжо мелі новыя касцёлы, а вернікі Крэва працягвалі карыстацца драўлянай капліцай.

Праўда, вайна, якую пазней назавуць Першай сусветнай, забрала і капліцу.

Панарама Крэва перад прыходам немцаў у час І сусветнай вайны. На гарызонце – будынкі каталіцкай капліцы і хлебнага склада

На вялікі жаль, звестак пра тую недаўгавечную крэўскую святыню вельмі мала. Не знойдзена пакуль і яе якасных выяў. На сённяшні дзень маюцца толькі два панарамныя здымкі Крэва, на якіх бачны ўсяго толькі сілуэт капліцы далёка на гарызонце. Першы здымак, зроблены расійскімі вайскоўцамі незадоўга да прыходу сюды немцаў. Другі, ужо нямецкі, уяўляе з сябе панараму мястэчка, апустошанага пажарам, які ўчынілі рускія перад сваім адыходам, і баямі, што вяліся тут. Якасць першай фатаграфіі дазваляе пры яе павелічэнні зрабіць пэўныя высновы аб архітэктурным абліччы будынка.

Павяылічаны фрагмент панарамы Крэва з капліцай і хлебным складам


Такім чынам, у аснове капліцы застаўся драўляны гмах хлебнага склада з двухсхільным дахам (яго колішні брат-блізня, як бачна са здымка, працягваў стаяць побач). Спераду да яе быў прыбудаваны больш нізкі прытвор з двухсхільным дахам і казырком спераду, над якім узвышалася чатырохвугольная вежа-званіца, крыху вышэйшая за асноўны аб’ём. Такім чынам, часовы будынак для вядзення набажэнстваў меў выгляд паўнавартаснага касцёла, яго людзі часам так і называлі.

Панарама Крэва пасля пажару і першых баёў за мястэчка ў час І сусветнай вайны. На гарызонце – капліца і хлебны склад

На нямецкім здымку з панарамай спустошанага мястэчка сілуэт святыні таксама прасочваецца, хоць не так дэталёва. Можна зрабіць выснову, што абодва будынкі, якія стаялі разам – і капліца, і хлебны склад - калі і былі крануты пажарам і першымі баямі за мястэчка, то да іх поўнага знішчэння тады справа не дайшла. Праўда, праз год, як бачна на адным з аэрафотаздымкаў, на тым месцы ўжо нічога, акрамя падмуркаў, не было. Адно з двух: альбо гэтыя два будынкі загінулі падчас наступных баёў, альбо немцы разабралі іх, каб выкарыстаць бярвенне для ўзвядзення нейкіх сваіх умацаванняў ці на паліва.

Аэрафотаздымак Крэва, зроблены 16 жніўня 1916 г. На павялічаным фрагменце пазначаны: 1 - падмурак ад хлебнага склада; 2 – падмурак ад капліцы; 3 – падмурак у форме крыжа пад новы касцёл

На гэтым жа аэраздымку заўважана яшчэ адна цікавая рэч: на зямлі, справа ад прамавугольных падмуркаў капліцы і хлебнага склада, выразна праглядваецца буйных памераў фігура ў форме крыжа. Можна выказаць меркаванне, што гэта - падмурак новага храма, будаўніцтва якога ўсё ж было распачата, але спынена вайной. Пацвярджэнне гэтага меркавання знаходзім у нататках крэўскага краязнаўцы Пятра Грынкевіча, дзіцячыя гады якога прыпалі якраз на тыя часы. Ён так і піша: “Побач з капліцай заклалі фундамент пад мураваны касцёл.”

Адам Станкевіч у часы вучобы ў рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе


Нягледзячы на свой зусім кароткі век, капліца на Уваскрэсенскай гары паспела стаць сведкай адной вельмі важнай падзеі: 1 студзеня 1915 года ў ёй адбылася першая святая імша, якую адправіў славуты патрыёт Бацькаўшчыны, наш зямляк (родам ён з в. Арляняты) ксёндз Адам Станкевіч. Пра гэта сведчыць надрукаваны па-беларуску памятны прыміцыйны абразок, які раздавалі ўсім прысутным на той урачыстасці.

Абразок-памятка пра першую св. Імшу, якую адправіў кс. Адам Станкевіч у Крэве 1 студзеня 1915 г.


І хоць забрала вайна ад нас будынак капліцы, але месца, дзе яна стаяла, дзе адбылося адраджэнне адной са старэйшых беларускіх каталіцкіх парафій, дзе пачаўся святарскі шлях нашага славутага земляка, варта было б ушанаваць хаця б мемарыяльным крыжам. Сапраўды, жыццё і справы Адама Станкевіча - беларускага каталіцкага святара, аўтарытэтнага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка і літаратуразнаўцы - варты ўвагі і ўшанавання. Памятны знак у Крэве на месцы, дзе адбылася яго прымацыя, быў бы толькі на карысць у справе захавання гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання моладзі.

Тапонім Уваскрэсенне (або Магазыншчына) на сучаснай спадарожнікавай карце (абведзена чырвоным). Тут да пачатку І сусветнай вайны размяшчалася каталіцкая капліца і планавалася ўзвесці касцёл


Комментариев нет:

Отправить комментарий