понедельник, 31 июля 2023 г.

НЕ ТОЛЬКІ ЧАТЫРЫ СЦЯНЫ І ДЗВЕ ВЕЖЫ. ЧЫМ БЫЎ ЗАПОЎНЕНЫ ЎНУТРАНЫ ДВОР КРЭЎСКАГА ЗАМКА

Нямецкія абарончыя збудаванні ўнутры двара Крэўскага замка. Усходняя сцяна.
Фота часоў Першай сусветнай вайны

Гучная заява даследчыкаў пра знаходку ў межах двара Крэўскага замка падмуркаў мажлівай трэцяй замкавай вежы ашаламіла многіх. Пакуль ідуць зборы доказаў на карысць гэтага, паспрабуем разабрацца, а чым сапраўды некалі мог быць застаўлены замкавы двор.

Ці не першым дакументам з яго апісаннем з’яўляецца “Інвентар Крэўскага замка, мястэчка, староства і фальварка Вішнёўка” за 1789 год, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Дакумент пачынаецца са звестак пра старую браму, што вяла ў замак з боку мястэчка. Складалася яна з шасці часаных драўляных слупоў. Верхняя частка яе абвалілася. Дзверы былі на жалезных бегунах. За брамай стаяў пакрыты дранкай стары жылы будынак з драўляных круглякоў. Дзверы, што вялі ў сені, былі таксама на бегунах. Далей па левым баку – дом (“izba”) з каморай. У ім – печ з зялёнай кафлі, тры вакны з грубым шклом, грубы стол. З правага боку стаяла пякарня з цаглянай гаспадарскай печчу для выпякання хлеба. Насупраць гэтага будынка размяшчаліся добра дагледжаныя стайня і свіран.

У інвентары ні слова няма пра замкавыя вежы. Відаць, у тыя часы яны ўжо ніяк не выкарыстоўваліся.

Першае пісьмовае сведчанне пра пабудовы на тэрыторыі замкавага двара разам з тым з’яўляецца і апошнім. У апісаннях, зробленых на працягу наступнага стагоддзя інфармацыі пра іх больш не сустракаецца. Як пісаў Фёдар Пакроўскі ў 1893 годзе , “пабудоў унутры сцен замка ніякіх не ўцалела, акрамя рэшткаў каменнай муроўкі ў паўднёва-ўсходнім куце”. Шмат дзе згадваецца ўнутраная сажалка, аднак мы вядзём гаворку толькі пра пабудовы.
План Крэўскага замка. 1827 год

Нярэдка аўтары дзяліліся сваімі меркаванні аб тым, якім чынам мог быць забудаваны замкавы двор у мінулым. Міхал Балінскі, да прыкладу, лічыў, што ў часы магдэбургскага права на ім размяшчалася крэўская ратуша.

Антон Карэва, аўтар нарыса пра Крэўскі замак (1861 г.), меркаваў, што ўсе пабудовы ўнутры перыметра каменных сцен ў апошні перыяд яго функцыянавання былі з дрэва. Аднак ён не выключаў, што намнога раней, яшчэ да татарскіх набегаў пачатку ХVI ст., унутраная прастора замка была занята каменнымі будынкамі. Вось што ён прыводзіў у якасці аргументаў на карысць гэтага: “Па-першае, замак прызначаўся для абароны, па-другое, памяшканняў у вежы, якая мела 7 сажняў у квадраце, недастаткова для князя, яго дружыны і двара, па-трэцяе, драўляныя пабудовы ўнутры крэпасці, спрыяючы распаўсюджванню пажару, былі б вельмі небяспечнымі…” Ды і наогул, на думку Карэвы, калі ўсе замкі Віленскага краю пабудаваны з цэглы і каменя, чаму Крэўскаму быць выключэннем? Даследчык нават дапускаў, што сістэма пабудоў тут нечым нагадвала тую, што была ў Трокскім замку.
Крэўскі замак у старажытнасці ва ўяўленні мастака Ёзаса Камараўскаса. 1893 г.

У часы Першай сусветнай вайны, калі Крэва і замак апынуліся ў руках немцаў, у запусцелым замкавым двары назіралася ажыўленне. У малой вежы і на месцы колішняй паўднёвай брамы немцы ўзвялі мураваныя агнявыя кропкі. Ля падножжа ўсходняй сцяны ўнутры замка і пад заходняй звонку паўсталі шматлікія несамавітыя драўляныя пабудовы для ваенных патрэб. Паміж імі дзе-нідзе былі ўсталяваны даўжэзныя драбіны, каб з верхавін сцен весці назіранне за пазіцыямі праціўніка. У ліпені 1917 года замак быў падвергнуты агню расійскай артылерыі. Былі моцна пашкоджаны і ён сам, і нямецкія пабудовы.

Пасля заканчэння баявых дзеянняў стан, у якім апынуўся замак, спачатку мала каго хваляваў. Многія мясцовыя нават узяліся разбіраць цэглу і камяні з яго на свае патрэбы. Але з часам, калі жыццё крыху палепшала, улады Польшчы, у склад якой увайшоў наш край, пачалі звяртаць увагу і на помнік даўніны. Там навялі парадак. З’явілася распараджэнне аб забароне расцягваць з яго камяні і цэглу, заворваць замкавы двор і наважваць там жывёлу. У пачатку 1930-ых гадоў былі праведзены працы па кансервацыі помніка.
Вядомая літоўская паэтэса Саламея Нерыс на фоне замкавага двара. Ліпень 1939 г.

У 1930-ых гадах у шэрагу польскіх выданняў з’явіліся краязнаўчыя артыкулы Альфонса Высоцкага пра Крэва. Па яго словах, уваход на замкавы двор у тыя часы быў зачынены масіўнымі драўлянымі варотамі. Аднак не складала ніякіх цяжкасцей прабрацца туды праз іншыя выбоіны ў сцяне, злёгку загароджаныя калючым дротам. У дні народных і дзяржаўных святаў на тэрыторыі замка праводзілі ўрачыстасці і гулянні.

Высоцкі выказаў свае меркаванні пра выгляд замка ў мінулыя часы. Створаная ім уяўная рэканструкцыя заснавана хутчэй на фантазіі, чым на нейкіх рэальных аргументах. Краязнаўца лічыў, што сам княжацкі замак быў з дрэва і знаходзіўся ўнутры мураваных сцен, а абедзве каменныя вежы служылі для абароны. На яго думку, да заходняй замкавай сцяны знутры прылягалі мураваныя казематы, пры паўднёвай размяшчаліся канюшні, а пры ўсходняй – збраёўня.

Такі ж нічым не абгрунтаваны характар маюць і два малюнкі да нарыса Высоцкага ў часопісе “Ziemia”, выкананыя В. Абуховічам. На адным аўтар выклаў сваё бачанне першапачатковага выгляду замка з заходняга боку, на другім – агульнага плану замкавай тэрыторыі тых далёкіх часоў.
Мяркуемы выгляд Крэўскага замка ў XIV ст. Малюнак В. Абуховіча, 1938 г.

Летам 1942 года, нягледзячы на ліхія чысы, літоўскія вучоныя правялі грунтоўнае вывучэнне Крэўскага замка. На яго плане, зробленым па выніках абследавання, у паўночна-ўсходнім куце замка пункцірнымі лініямі пазначаны невядомы аб’ект. Знаходзіцца ён недзе на месцы выяўленага ў нашы дні падмурка мяркуемай трэцяй вежы. Аднак ў лік доказаў гэтай версіі аб’ект той наўрад ці падыдзе, бо ў легендзе з умоўнымі знакамі ён суадносіцца з часамі Першай сусветнай вайны.
Фрагмент плана Крэўскага замка 1942 года з невядомым аб'ектам у паўночна-усходнім куце (поўнач на плане злева)

Ва ўмовах савецкай рэчаіснасці Крэўскі замак доўгі час заставаўся ў забыцці. І ўсё ж многія разумелі яго значнасць для айчыннай гісторыі і культуры. З 1970 года да помніка пачынаюць адпраўляць навуковыя экспедыцыі з мэтай яго ўсебаковага вывучэння.

Падчас раскопак на замкавым двары былі выяўлены прыкметы брукаванага машчэння ад уязной брамы ў паўночнай сцяне да малой вежы. Таксама на адлегласці 15 метраў у паўднёва-заходнім кірунку ад уваходу былі знойдзены рэшткаў мураванага будынка. Яго асаблівасці, знойдзеныя там фрагменты керамікі ХІV стагоддзя дазваляюць меркаваць, што будынак быў ўзведзены блізка па часе з самімі сценамі і вежамі. У той жа частцы двара былі выяўлены рэшткі драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, фрагменты гліняных і металічных вырабаў розных часоў.
Замкавы двор. 1970-ыя гады. Фота Яўгена Куліка

Вучоныя таксама выказаліся пра памылковасць думкі тых, хто лічыў створаную ў час Першай сусветнай вайны паўкруглую каменную канструкцыю пры паўднёвай сцяне яшчэ адной старажытнай вежай. Выкарыстанне пры яе ўзвядзенні цэментавага раствору замест вапнавага абвяргае гэтае меркаванне.
Адна з рэканструкцый Крэўскага замка з круглай вежай пры паўднёвай сцяне. Малюнак з кнігі "Lietuvos pilys", 1971 год



Комментариев нет:

Отправить комментарий