среда, 16 августа 2023 г.

НЕПРЫЗНАНЫ ЛІТАРАТАР З-ПАД КРЭВА І ЯГО ПАСПЯХОВЫ НАШЧАДАК


Прыгожая польская трохмачтавая шхуна “Капітан Борхардт” прамога дачынення да героя нашага аповеду быццам бы не мае. Аднак сувязь паміж ім і асобай, чыё імя было нанесена на борт гэтага карабля восенню 2011 года, усё ж існуе. Праз славу, якой дасягнуў сваімі справамі і творчасцю ўганараваны такім спосабам чалавек, нейкім чынам ажыццявіліся мары і спадзяванні таго, аб кім мы зараз павядзём гаворку.

Чэслаў Янкоўскі ў кнізе “Ашмянскі павет”, якая выйшла ў канцы ХІХ ст., згадвае старасвецкага шляхціца Вінцэнта Рачкевіча. Той з’яўляўся старшынёй ашмянскага павятовага суда і быў гаспадаром фальваркаў Міхалоўшчына і Скірдзімы, размешчаных недалёка ад Крэва.

Сучаснікі лічылі Рачкевіча дзіваком і арыгіналам. Свой вольны час ён праводзіў за кнігамі. Асабліва цікавіўся працамі па гісторыі Літвы. Адносіў сябе да атэістаў. Перад смерцю загадаў, каб яго пахавалі не на могілках, а сярод поля ў збудаваным ім самім магільным склепе.

Жывучы ў Скірдзімах, Вінцэнт Рачкевіч напісаў працу пад назвай “Roztrząsania zasad historji północnej Europy” (“Агляд асноў гісторыі паўночнай Еўропы”). У 1860 годзе яна была надрукавана ў Вільні на грошы самога аўтара. Наклад кнігі быў невялікім, ды і той, не пушчаны ў кніжны гандаль, асеў, як лічыць Янкоўскі, недзе на гарышчы скірдзімскага маёнтка.

Чэслаў Янкоўскі, адзначыўшы неправінцыйную эрудыцыю аўтара і яго шчырую любоў да абранага прадмета даследавання, даў, разам з тым, невысокую ацэнку працы Рачкевіча. Па яго словах, гэта быў усяго толькі бязладны пераказ звестак, пачэрпнутых аўтарам з іншых крыніц, у першую чаргу – з твораў Нарбута. Аўтару здавалася, што ён выкладае свае асабістыя думкі. Аднак жа, гэта былі ўсяго толькі адбіткі думак іншых.

Вядома, што “дзівак са Скірдзімаў” выдаў не адну, а некалькі кніг. У 1874 г. ў віленскай друкарні Юзафа Завадзкага выйшла яго праца “O Herulach Litewskich czyli Normandach, o historykach o Litwie piszących i o alfabece litewskim, oraz o Sławianach” (“Аб літоўскіх герулах ці нарманах, аб гісторыках, якія пішуць пра Літву і аб літоўскім алфавіце, а таксама аб славянах”).
Тытульны ліст адной з кніг Вінцэнта Рачкевіча

Не буду паглыбляцца ў аналіз гэтага своеасаблівага гістарычнага даследавання. Хай займаюцца гэтым людзі больш дасведчаныя. Скажу толькі, што пры знаёмстве з кнігай асабіста мяне не пакідала адчуванне, што чытаю нешта з фэнтэзі. Твор стракаціць нязвыклымі ці напаўзабытымі назвамі зямель і народаў. Падаюцца нестандартныя погляды на іх развіццё і ўзаемаадносіны. Скіфія там атаясамліваецца з Літвой. Аўтар таксама імкнецца давесці, што кроў старажытных літоўцаў (або літвінаў) нібыта складае аснову ці не большасці еўрапейскіх нацый.

Не ведаю, па якой прычыне, але аўтар вырашыў далучыць у якасці дадатку да сваіх разваг пра старажытных герулаў ды вандалаў дакумент пад назвай “Чыноўнікі земскага суда ашмянскага павету, ад заснавання гэтага суда да яго роспуску”. Відаць, хацеў такім чынам увекавечыць імёны сваіх папярэднікаў і калег па службе. Між тым, гэтая інфармацыя падалася мне, як краязнаўцу, самай карыснай і праўдзівай у кнізе.

Праз год пасля выхаду гэтай працы у тым жа выдавецтве была надрукавана трэцяя кніжка Рачкевіча пад назвай “Jeszcze o Litwie starożytnej” (“Яшчэ аб старажытнай Літве”). Праўда, ні яна, ні дзве папярэднія, прызнання і славы аўтару так і не прынеслі.

Аднак шчырая любоў нашага героя да прыгожага пісьменства і яго цяга да літаратурнай творчасці не зніклі дарэмна. Яны перадаліся нейкім чынам аднаму з нашчадкаў. Якраз таму, імя якога носіць згаданая намі ў самым пачатку шхуна.
Караль Альгерд Борхардт

Караль Альгерд Борхардт (1905-1986) – гэта праўнук Вінцэнта Рачкевіча, сын яго ўнучкі Марыі. Ён быў капітанам марскога флоту, выкладчыкам польскіх марскіх школ і вучылішчаў, аўтарам падручнікаў па мараходству, кавалерам шматлікіх узнагарод. Акрамя гэтага, нашчадак заўзятага скірдзімскага кніжніка з’яўляўся сябрам Саюза літаратараў Польшчы і быў аўтарам захапляльных кніг пра мора і маракоў. Яго творы дагэтуль карыстаюцца папулярнасцю. Пра жыццёвы шлях Караля Борхардта зняты дакументальны фільм “Kapitan własnej duszy” (“Капітан уласнай душы”).
Некакторыя з кніг Караля Борхардта



Комментариев нет:

Отправить комментарий