![]() |
| Літоўскія турысты ля развалін малой вежы Крэўскага замка. Ліпень 1939 года |
Пэўнае ўяўленне пра знешні выгляд галоўнай вежы Крэўскага замка мы маем. Захавалася нямала фатаграфій і малюнкаў з ёй, маюцца тэкставыя апісанні. А вось пра другую, што размяшчалася ў супрацьлеглым куце замкавых сцен, нам амаль нічога не вядома. У старых тэкстах яна калі і згадваецца, то зусім павярхоўна.Вось некалькі скупых звестак пра гэты аб’ект, знойдзеных у літаратуры ХІХ стагоддзя.Міхал Балінскі ў нарысе “Крэва, старадаўні замак у Літве” (1842 г.) коратка паведамляе пра існаванне “ў куце паміж паўднёвым і ўсходнім мурамі невялікай вежы для жылля і абароны, значна вышэйшай за муры”.
Дамецій Плаўскі ў нарысе “Мястэчка Крэва” (1871 г.) дае крыху больш інфармацыі і выказвае сваю версію аб прызначэнні гэтай пабудовы: “У куце паміж паўднёвай і ўсходняй сценамі знаходзяцца рэшткі сцен, якія ўтвараюць нешта кшталту цямніцы. Там вокнаў няма, між тым ёсць прыкметы некалі ўстаноўленых бэлек, пад якімі знаходзіцца круглая адтуліна каля чвэрці аршына ў дыяметры”.
Фёдар Пакроўскі ў “Археалагічнай карце Віленскай губерні” (1893 г) згадвае гэты аб’ект зусім нешматслоўна: “Пабудоў унутры сцен замка ніякіх не ўцалела, акрамя рэшткаў каменнай муроўкі ў паўднёва-ўсходнім куце”.
У нарысе Антона Карэвы “Разваліны замка ў мястэчку Крэва” (1861 г.) таксама ёсць згадкі пра другую вежу Крэўскага замка. І гэтая інфармацыя крыху ашаламляе. Карэва сцвярджае, што вежа была круглай па форме. “Пры перасячэнне фасаў з унутранага боку знаходзяцца разваліны круглай вежы”, – паведамляе ён, апісваючы замак. Крыху далей зазначае: “Круглая вежа хоць і забяспечвала абарону ўнутры замка, але, з’яўляючыся аддаленай ад іншых частак, вымушана была абараняць сябе. А з-за малой прасторы не магла змясціць дастатковай колькасці людзей для самастойнай абароны”.
Заўважым, што пра круглую форму меншай замкавай вежы пісаў не толькі Карэва. Ёсць пра гэта і ў Адама Кіркора (“Маляўнічая Расія”, 1882 г.): “З унутранага боку бачны яшчэ разваліны другой, круглай вежы”. Шэраг можна працягнуць. У даведніку “Памятная кніжка Віленскай губерні на 1889 год” змешчана апісанне некаторых славутых мясцін Віленшчыны, у тым ліку і Крэва. Сярод усяго іншага там паведамляецца, што ў замку акрамя вялікай чатырохвугольнай ёсць яшчэ і “разваліны адной круглай вежы, акружанай ровам”. Аўтар гэтага паведамлення не ўказаны. Аднак маецца прыпіска, што матэрыялы пра згаданыя ў тэксце помнікі прадстаўлены мясцовымі археолагамі.
![]() |
| Разваліны малой вежы Крэўскага замка і нямецкага бункера ў ёй. Фота 1930-ых гадоў |
Па словах сучаснага гісторыка Алега Дзярновіча, археалагічна інфармацыя пра круглую форму другой замкавай вежы ніяк не пацвярджаецца.
Наогул, сучасныя даследчыкі, як і іх папярэднікі, пра гэты аб’ект пішуць няшмат. У асноўным, выказваюцца пра паслядоўнасць узвядзення вежы і замкавых сцен.
Вось дзве цытаты на гэты конт.
Міхась Ткачоў: “На стыку ўсходняй і паўднёвай сцен, знутры замкавага двара, стаяла яшчэ адна вежа памерамі 11 х 10,65 м. Яна прыбудавана да сцен і адрозніваецца ад іх глыбінёй залягання фундаментаў. Аб яе больш познім узвядзенні сведчыць той факт, што сцены гэтай вежы закрылі частку бэлечных адтулін галерэі-памосту для воінаў”.
Ігар Чарняўскі: “Па выніках раскопак 1988 года стала відавочным, што першапачаткова быў узведзены няправільны ў плане чатырохкутнік абарончых муроў. Праз кароткі тэрмін (пра гэта сведчыць характар скарыстанай пры будаўніцтве цэглы і вынікі фізіка-хімічнага даследавання вапнавай рошчыны) на паўночным куце замка дойліды збудавалі Княжацкую вежу, а насупраць — у паўднёвым куце — невялікую па памерах абарончую вежу. Іх сцены не звязаны з муроўкай ранейшых”.
Яшчэ ў 1970-ым годзе Міхасём Ткачовым былі выяўлены рэшткі брукаванай дарогі ад уязной брамы ў паўночнай сцяне да малой вежы. Ці не галоўнай сенсацыяй цяперашніх даследаванняў з’яўляецца знаходка ў самой вежы фрагменту ўнутранага тунэля з прыступкамі.
![]() |
| Малая замкавая вежа, пераўтвораная ў агнявую кропку. Фрагмент плана Крэўскага замка, зробленага літоўскімі вучонымі ў 1942 годзе |
У апошняе стагоддзе малую замкавую вежу найчасцей згадваюць у сувязі з Першай сусветнай вайной. Знаходзячыся на баку абароны немцаў, замак быў прыстасаваны імі для ваенных мэт. І ці не найважнейшым умацаваннем там лічыўся бункер з амбразурай для кулямёта, узведзены якраз на месцы гэтай вежы. Паўднёва-ўсходні вугал замка быў скіраваны ў бок рускіх пазіцый. Таму немцам прыйшлося значна ўзмацніць створаны агнявы пункт бетонам, узвесці там дадатковую тылавую сценку паўкруглай формы. Летам 1917 года гэтае збудаванне, як і ўвесь замак, было моцна пашкоджана агнём расійскай артылерыі. З гадамі яно разбуралася яшчэ больш.
У нашы дні ў Крэўскім замку праводзяцца працы па яго кансервацыі і рэстаўрацыі. Што тычыцца малой вежы, то стваральнікі праекта вырашылі адначасова прадставіць ў ёй і старажытнасць, і часы Першай сусветнай вайны. У крыху адноўленых вежавых сценах будзе прысутнічаць і адноўлены бункер. На думку праектантаў, гэтаму аб’екту наканавана рэпрэзентаваць у замку адну з самых трагічных старонак яго гісторыі.



Комментариев нет:
Отправить комментарий