пятница, 14 апреля 2023 г.

ПРА МАЛАВЯДОМЫ ПЕЙЗАЖ З КРЭЎСКІМ ЗАМКАМ І ЯГО ІМАВЕРНАГА АЎТАРА

Руіны замка ў Крэве. Малюнак з кнігі “Noworocznik Litewski na Rok 1831”

Вывучаючы кнігу мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава “Жывапіс Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст.”, натрапіў на інфармацыю, што адна з прац мастака Вінцэнта (Вікенція) Дмахоўскага мае назву “Замак у Крэве”. Пазней знайшлося пацвярджэнне гэтага і ў іншых крыніцах. Аднак мае спробы адшукаць дзе-небудзь тую выяву доўгі час поспеху не мелі. Калі ж я нарэшце быццам бы натрапіў на яе след, то мая знаходка мяне толькі збянтэжыла.

Справа была ў тым, што знойдзеную мной і пазначаную аўтарствам Дмахоўскага ілюстрацыю з Крэўскім замкам да трэцяга тома “Живописной России” (1882 г.) я першапачаткова прыняў за… вядомы ўсім малюнак Напалеона Орды. Той самы ракурс і тое ж напаўненне. Нават аднолькавае скажэнне прапорцый у адлюстраванні замкавых сцен: каб наблізіць іх памеры да рэальных, неабходна працэнтаў на 40 “расцягнуць” абодва малюнкі па гарызанталі. Не было сумнення, што адзін з пейзажаў зроблены не з натуры, а з’яўляецца ўсяго толькі перамалёўкай з працы іншага мастака. Толькі хто быў аўтарам арыгіналу?
Падазронае падабенства. Злева – ілюстрацыя Дмахоўскага да кнігі “Живописная Россия”. Справа – літаграфія з малюнка Напалеона Орды

Калі гэта быў Вінцэнт Дмахоўскі, то вінаваціць у плагіяце трэба Напалеона Орду. Яго малюнак з Крэўскім замкам датуецца 1876 годам. А гэта на 14 гадоў пазней, чым памёр мяркуемы аўтар ілюстрацыі ў “Живописной России”.

Аднак сенсацыі не атрымалася. У той жа кнізе знайшлося мноства малюнкаў, таксама падпісаных Дмахоўскім. На жаль, яго прозвішча падавалася там без імя ці ініцыялаў. Прааналізаваўшы гэтыя працы, я зрабіў выснову, што іх аўтарам сапраўды з’яўляецца Дмахоўскі. Але не той, пра каго я падумаў першапачаткова. Гэта быў яго сын Уладзіслаў, таксама мастак. Сярод астатніх ілюстрацый я пазнаў яго славуты малюнак з танцамі ў літоўскай карчме і некаторыя іншыя.

Такім чынам, выява Крэўскага замка для кнігі сапраўды магла быць запазычана Уладзіславам Дмахоўскім у Напалеона Орды. Відаць, рыхтуючы ілюстрацыі, дабрацца да Крэва і замаляваць яго з натуры ён не змог. Вось і прыйшлося “спісваць”.

А “Замак у Крэве” аўтарства ягонага бацькі працягваў заставацца для мяне загадкай. Што той усё ж звяртаўся ў сваёй творчасці да крэўскай тэмы, я пераканаўся пры знаёмстве з кнігай “Черты из истории и жизни литовского народа” (1854). На франтыспісе да яе змешчаны алегарычны малюнак, дзе прадстаўлены галоўныя славутасці Віленшчыны. Сярод іх лёгка пазнаць і Крэўскі замак (пазначаны пад №8). Больш таго, у тэксце з апісаннем гэтай ілюстрацыі знаходзім даведку аб кожным змешчаным на ёй аб’екце, у тым ліку і аб нашай славутасці. У аўтарстве малюнка таксама няма сумневу. Ён так і падпісаны : “Wincenty Dmochowski”. Як стала вядома, першапачаткова гэты малюнак, арыгінал якога захоўваецца ў кракаўскай Ягелонскай бібліятэцы, прызначаўся для вокладкі славутага “Віленскага альбома” („Album de Wilna“) Вільчыньскага, які друкаваўся ў Парыжы.
Віньетка з кнігі “Черты из истории и жизни литовского народа” (1854 г.)

Многія з прадстаўленых на тым малюнку помнікаў перакачавалі фрагментамі з іншых ранейшых паасобных прац Дмахоўскага. Дык чаму б не існаваць і самастойнаму “Замку ў Крэве”?

Магу памыляцца, але, па-мойму, я разгадаў загадку.

Гэты малюнак я знайшоў у альманаху “Noworocznik Litewski na Rok 1831” (гл. ілюстрацыю ў пачатку). Тэкст, які ён ілюструе, не пра Крэва, таму засяроджваць увагу на ім не будзем. Сам жа малюнак без указання аўтарства падпісаны наступным чынам: “Ruiny zamku w Krewie”. На ім добра пазнаецца від нашага мястэчка з боку Успенскай царквы (цяпер там каталіцкія могілкі). У цэнтры ўзвышаецца замкавая вежа, ад якой цягнецца паўночная сцяна. Злева на пагорку мы бачым вялікі будынак касцёла. Ён знаходзіцца ў даволі непрыглядным стане (пра яго занядбанне ў той час маюцца і дакументальныя сведчанні). Каля касцёла – плябанія з гаспадарчымі пабудовамі. Паабапал замка і крыху воддаль ад яго прастора запоўнена местачковымі дамкамі. За замкам праглядваецца стаў, пра які таксама шмат хто пісаў. Удалечыні – маляўнічыя пагоркі, палі, лясы, дарогі. Спераду пейзаж ажыўлены дзвюма чалавечымі фігурамі.

У 1839 годзе штотыднёвік “Przyjaciel Ludu” перадрукаваў той самы артыкул з той жа ілюстрацыяй. Праўда, якасць карцінкі атрымалася горшай. Ды і некаторыя дэталі былі моцна відазменены. Таму вернемся да выявы 1930 года.
Вікенцій (Вінцэнт) Дмахоўскі (1807-1862). Партрэт работы Казіміра Бахматовіча з Дабраўлянаў

На думку, што гэта і ёсць малюнак Вінцэнта Дмахоўскага, мяне навялі нанесеныя аўтарам літары “W” і “D” у ніжнім правым куце. Магчыма, прозвішча было напісана поўнасцю, аднак якасць адбітка не дазваляе яго прачытаць. Па-другое, вежа замка тут сваім выглядам і размяшчэннем вельмі падобна да той, што адлюстравана на алегарычным малюнку са славутасцямі Віленшчыны. А там імя аўтара чытаецца выразна.

На карысць маёй гіпотэзы сведчыць і запіс у выдадзеным у 1865 годзе каталогу калекцыі Юзэфа Крашэўскага. Там таксама згадваецца літаграфія “Руіны замка ў Крэве”, якая суадносіцца якраз з імем Вінцэнта Дмахоўскага. Я больш чым упэўнены, што гаворка ідзе менавіта пра гэтую выяву.

Комментариев нет:

Отправить комментарий