пятница, 4 ноября 2022 г.

З ВЯСКОВЫХ НАСТАЎНІКАЎ – У ВУЧОНЫЯ-ВЫНАХОДНІКІ

Будынак Крэўскай школы. 1950-ыя гады

Міхаіл Аляксандравіч Мяльгуй нарадзіўся 11 лістапада 1933 г. ў вёсцы Дуброва, што на Маладзечаншчыне. У 1951 годзе закончыў сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адвучыўшыся, атрымаў дыплом з адзнакай і быў накіраваны ў Крэўскую сярэднюю школу ў якасці настаўніка фізікі.
Міхаіл Аляксандравіч Мяльгуй у гады працы ў Крэўскай школе

Адпрацаваў Міхаіл Аляксандравіч у Крэве каля трох гадоў. Тут ён звязаў свой лёс з Анастасіяй Філіпаўнай Новік, якая працавала школьнай піянерважатай. Тут жа ў Крэве справілі вяселле. Праз год у маладой пары нарадзілася дачка Ларыса.

Калі Ларысе не было яшчэ і году, сям’я пераехала ў Мінск. Энергічны і поўны творчых сілаў настаўнік адчуваў, што больш карысці прынясе Бацькаўшчыне, калі зоймецца навуковай дзейнасцю. І сапраўды, з вышыні сённяшняга дня бачна, што ён не памыляўся. Міхаіл Аляксандравіч Мяльгуй - вядомы вучоны-фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік ДНУ "Інстытут прыкладной фізікі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі", заслужаны вынаходнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прэміі Савета міністраў СССР. Асноўны кірунак дзейнасці вучонага – вывучэнне магнітных і механічных уласцівасцей сталей. Яго навуковыя распрацоўкі выкарыстоўвалі металургічныя прадпрыемствы па ўсім Савецкім Саюзе і нават за мяжой. Здаралася, што вынаходніцтвы Міхаіла Аляксандравіча знаходзілі сваё прымяненне і ў іншых, далёкіх ад металургіі, галінах. Да прыкладу, сумесна з супрацоўнікамі Адэскага інстытута вочных хвароб ім. Філатава ён распрацаваў аптымальную методыку па выдаленню старонніх прадметаў, што трапляюць у вока.

Мала хто ведае, што гэтая патрэбная для медыцыны методыка з’явілася на свет дзякуючы няшчасцю, якое адбылося з дачкой вучонага Ларысай, калі яна была яшчэ студэнткай. У час гульні ў валейбол мяч трапіў у твар дзяўчыны. Урачы канстатавалі: ад удару здарылася адслаенне сятчаткі вока. Міхаілу Аляксандравічу прыйшлося тэрмінова ехаць з дачкой на аперацыю ў адэскі інстытут вочных хвароб. Аперацыя прайшла паспяхова, але дзяўчыне быў прапісаны строгі пасцельны рэжым на месяц. Знаходзячыся пры дачцэ, Міхаіл Аляксандравіч назіраў за іншымі пацыентамі, разважаў аб тым, як аблегчыць іх лёс. Тады і прыйшла ідэя прымяніць некаторыя свае напрацоўкі з вобласці фізікі на карысць медыцыны.

Сама Ларыса вырашыла ісці па бацькавых слядах і стаць вучонай. Праўда, яна абрала архітэктуру. Атрымаўшы дыплом з адзнакай, Ларыса занялася даследаваннямі ў галіне фізікі колеру і святла, стала доктарам архітэктуры і мастацтва, аўтарам многіх публікацый і кніг “Колер у горадзе” і “«Сімволіка колеру”. Сусветную ж вядомасць яна набыла, калі перабралася ў Парыж, стала мастачкай і дызайнерам адзення. І тут, відаць, на карысць ёй пайшло тое, што дагэтуль яна займалася навукай. Каляровыя гармоніі, каларыстыка ў прыкладным мастацтве, дызайне і архітэктуры горада сталі прыярытэтам яе творчых пошукаў.

12 ліпеня 2017 года мастачка здзейсніла сваю мару і наведала месца, дзе пазнаёміліся яе бацькі і дзе яна з’явілася на свет. На жаль, той дом на Багданаўскай, дзе жыла маладая сям’я, да нашага часу не захаваўся.
Ларыса Нуры ў час наведвання гісторыка-краязнаўчага музея Крэўскай школы. Фота Алы Страшынскай

Сустрэцца з Ларысай мы дамовіліся ў самым цэнтры Крэва. Чакаючы яе, разгаварыўся з былымі настаўнікамі Тамарай Андрэеўнай і Аляксандрам Аляксандравічам Жукоўскімі, дом якіх стаіць менавіта там. Як высветлілася, гэтыя людзі ў маладосці былі з бацькамі Ларысы не толькі калегамі, але і добрымі сябрамі. Доўгі час падтрымлівалі адносіны нават пасля іх пераезду.

Такім чынам першымі, хто амаль выпадкова сустрэў Ларысу на крэўскай зямлі, былі менавіта гэтыя людзі.

На жаль, у госці з Францыі было не так шмат часу, каб затрымацца ў гэтых паважаных людзей і паслухаць іх успаміны. Тым не менш, пасля наведвання школьнага музея і галоўных крэўскіх помнікаў, мастачка ізноў затрымалася ля дома Жукоўскіх, каб развітацца і прыняць ад іх цёплае прывітанне бацькам, да якіх яна так спяшалася.

26 кастрычніка 2022 года Ларыса даслала сумнае паведамленне аб смерці свайго бацькі.
Міхаіл Аляксандравіч Мяльгуй - вядомы беларускі вучоны-вынаходнік

Памятаць пра Міхаіла Аляксандравіча застанецца ў Крэве не толькі ў яго колішніх калег і вучняў, якіх, на жаль, робіцца ўсё менш і менш. Маладое пакаленне пра яго таксама ведае: у школьным музеі на стэндзе пад назвай “Іх шляхі прайшлі праз Крэва” змешчана інфармацыя і пра гэтага вясковага настаўніка, які стаў славутым беларускім вучоным-вынаходнікам.


Комментариев нет:

Отправить комментарий