понедельник, 26 сентября 2022 г.

ЮР'ЕВА ГАРА - ЛЕГЕНДАРНАЯ СУСЕДКА КРЭЎСКАГА ЗАМКА

Крэўскі замак і Юр'ева гара. Малюнак Рыгора Мяжуева. 2002 г.

Сярод маляўнічых крэўскіх пагоркаў сваёй веліччу і прыгажосцю вылучаецца Юр’ева гара (апошнім часам многія пачалі вымаўляць і пісаць “Юрава”). Знаходзіцца яна недалёка ад замка і па колькасці складзеных пра яе легендаў можа паспаборнічаць са сваім таямнічым суседам.

З пагорка, які з’яўляецца адной з найвышэйшых кропак мясцовасці (255 метраў над узроўнем мора) адкрываецца добры від на Крэва. Адсюль бачны амаль усе яго галоўныя помнікі – замак, царква, касцёл, разваліны сінагогі. Побач, ля падножжа, знаходзяцца рэшткі старога млына. З іншага боку раскінуліся яўрэйскія могілкі, адзіныя ўцалелыя на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна і адзіныя з усіх крэўскіх, якія не былі пашкоджаны ў час І сусветнай вайны. Вось і прываблівае гэтае месца цікаўных турыстаў. Мастакі ж і фатографы часта абіраюць Юр’еву гару для сваіх пленэраў.
Пленэр на Юр'евай гары. 14 жніўня 1985 г. Фота з сайта vytoki.net

У старажытныя часы, калі замак жыў сваім звычайным жыццём і выконваў уласцівыя яму функцыі, пагорак мог быць уключаны ў яго абарончую сістэму. На ім магла размяшчацца сігнальна-дазорная вежа. Да такіх высноў прыйшлі гісторык Алег Дзярновіч і архітэктар Андрэй Шулаеў, якія ў 2011-2012 гадах праводзілі тут археалагічныя даследаванні. З матэрыяламі па іх выніках можна азнаёміцца ў №2 альманаха “Kreva incognita”, які пабачыў свет у 2019 годзе. Жаданне адрадзіць вежу было такім моцным, што восенню 2021 года вучоныя вярнуліся да вывучэння пагорка, а ўжо праз год на яго вяршыні пачаў узводзіцца новы для Крэва турыстычны аб’ект – аглядная вежа ў выглядзе вежы-дазорцы. У прэсе і нават на тэлебачанні пачалі прасоўваць думку, што амаль так у старажытнасці ўсё і было.

Фантазійны малюнак Язэпа Драздовіча з дазорнай вежай. Магчыма, што ён натхніў аўтараў праекта на ідэю ўзвядзення падобнай вежы на Юр'евай гары

 А вось у канцы ХІХ ст. пра гэты пагорак, на вяршыні якога ў тыя часы ўзвышаўся крыж, выказвалася зусім іншая версія. У тагачасных публікацыях (у прыватнасці – “Литовские епархиальные ведомости”, №8, 1889 г.) знаходзім згадку пра дакумент (“генеральная візіта”) ад 2 лютага 1773 года, дзе сярод пералічаных пяці крэўскіх цэркваў значыцца адна з назвай Юр’я (у польскамоўным арыгінале – “Jerzego-męczenika”, а ў рускамоўных публікацыях ХІХ ст. – “Георгіевская”). Паводле вусных аповедаў старажылаў, згаданая царква стаяла менавіта на гэтым пагорку, таму ён і атрымаў такую назву.

“Литовские епархиальные ведомости” пра Юр'еву гару і царкву на ёй

Праўда, сучасныя даследчыкі, якія рабілі на Юр’евай гары раскопкі і збіралі дадзеныя для абгрунтавання пабудовы на гэтым месцы дазорнай вежы, даводзяць іншае. Маўляў, памеры выяўленых імі на пагорку падмуркаў для царквы яўна замалыя, а вось для мяркуемай вежы – самае тое. Прычым, па выніках раскопак у розныя часы дадзеныя пра іх памеры крыху розніліся: ад 6,5х4,5 м. ў 2012 годзе да 4х4 м. праз дзесяць год. Не буду сцвярджаць, што дадзеныя спецыяльна падганяліся пад ідэю існавання тут некалі вежы-дазорцы, а не царквы, але такое падазрэнне напрошваецца.

Варта зазначыць таксама, што падчас Першай сусветнай вайны культурны пласт на пагорку быў моцна пашкоджаны ў ходзе рыцця акопаў і ад выбухаў снарадаў. І каб раскопкі праводзіліся да тых падзей, то і вынікі даследаванняў маглі б быць зусім іншымі.

Юр'ева гара, пашкоджаная акопамі (ўверсе пасярэдзіне) на аэрафотаздымку часоў І сусветнай вайны

Вось яшчэ адзін контраргумент праціўнікаў версіі пра царкву. Маўляў, выяўлены на пагорку падмурак датуецца XIV-XV ст., і гэта быццам бы зарана для праваслаўнай святыні ў нашай мясцовасці. Сапраўды, пісьмовых звестак пра нейкія цэрквы ў Крэве тых часоў пакуль не знойдзена. Але чаму б не дапусціць, што такая царква ўсё ж была? Не хацелася б даваць падставу для нараджэння новай легенды, але, падобна стваральнікам версіі пра дазорную вежу, дазволю сабе выказаць наступную версію.

Ульяна Цвярская ў выкананні Дароты Нарушэвіч у польскім серыяле "Карона каралёў"

Ульяна Цвярская, другая жонка Альгерда і маці Ягайлы, была адданай прыхільніцай праваслаўя і вядома сваім падзвіжніцтвам у справах рэлігіі. Дзякуючы яе руплівасці, у Вільні і Віцебску, дзе яна пачаргова пражывала, было ўзведзена некалькі храмаў. Не выключана, што яна бывала і ў Крэве, вотчыне мужа, а потым сына. У прыватнасці, летапісы паведамляюць, што Кейстут, адабраўшы ў 1381 годзе ўладу ў Ягайлы, саслаў таго з маці, прыбліжанымі і скарбам у Крэва. Дык чаму б Ульяне, шчырай верніцы, не загадаць пабудаваць там на час свайго знаходжання для сябе і сваіх прыбліжаных-аднаверцаў для малення хоць невялікую цэркаўку? Яе і маглі паставіць на вяршыні маляўнічаага пагорка недалёка ад замка і назваць у гонар Юр’я.

Такім чынам, версію пра Юр’еўскую царкву на гэтым пагорку не будзем поўнасцю адкідваць.

Людская фантазія дала жыццё і іншым тлумачэнням назвы пагорка. Легенды пра яе паходжанне бытуюць да нашых дзён, часам на вачах нараджаюцца новыя. Адны вам распавядуць пра хлопца Юрку, якому загадалі за нейкую правіннасць нацягаць шапкай гару, вышэйшую за замак. I як усе здзівіліся, калі гэта работа была выканана за адну ноч. Ад іншых людзей можна пачуць пра другога Юрыя. Таму, быццам бы, прыснілася, што на гары ля замка закапана золата. Прачнуўшыся, Юрый кінуўся на пошукі скарбу. Залез на гару і пачаў там ліхаманкава капаць. Капаў-капаў, пакуль не заглынуў яго пясчаны вір, што ўтварыўся на дне ямы.
Юр'ева гара і замак на малюнку Язэпа Драздовіча. 1929 г.

Відаць, хвалюючая веліч гэтага прыгожага пагорка ўразіла і пісьменніка Юрыя Татарынава. Адна з яго аповесцей так і называецца - “Юрава гара”. I хоць мае яна падзагаловак “Крэўская легенда”, але відавочна, што апісанае ў аповесці - плён фантазіі аўтара, які абапіраецца не на народны погалас, а больш на нейкія асабістыя высновы. Адмыслова не пераказваю тую штучна створаную легенду, бо і без гэтага многія экскурсаводы, прачытаўшы Татарынава, падчас сваёй працы выкарыстоўваюць яе і іншыя яго аўтарскія “наватворы”, выдаючы іх за “мясцовы фальклор”.
 
Віктар Мікіта. Старажытнае Крэва. Малюнак зроблены з пагорка Крыжы (іншая назва - Пескавая гара). Гэта зусім побач з Юр'евай гарой (бліжэй да ветракоў). Адсюль від на Крэва яшчэ лепшы. Выдатнае было б месца для размяшчэння агляднай вежы!

Аблюбавалі многія журналісты і блогеры, а таксама экскурсаводы, якія прывозяць сюды турыстаў, яшчэ адну версію. Быццам бы ў часы, калі замка яшчэ не было, пагорак выконваў функцыю паганскага капішча. Некаторыя нават імкнуцца навязаць для гэтага аб’екта новую назву – Ярылава гара. Толькі ці магло так быць? Вядома, што першапачатковае Крэва размяшчалася ля гарадзішча, за два з гакам кіламетры ад замка. Недзе там, відавочна, знаходзіліся і месцы пакланення паганскім бажкам. А вось тая мясцовасць, дзе стаіць замак, пачала абжывацца толькі пасля яго ўзвядзення. Пра гэта кажуць шматлікія абследаванні мясцовасці вучонымі ў розныя часы. А гэта ўжо быў перыяд зараджэння ў нашых краях хрысціянства.
 
Юр'ева гара. Фота Сяргея Гапона

З Юр'евай гарой звязаны шэраг мясцовых традыцый. Старажылы ўспамінаюць, што калісьці на веснавое свята Юр’я на гэтым пагорку збіралася местачковая моладзь на гулянні. Ужо бліжэй да нашых дзён у выпускнікоў мясцовай школы з’явілася традыцыя сустракаць тут світанак пасля свята апошняга школьнага званка або пасля выпускнога балю.

З 2010 г. на пагорку і побач з ім час ад часу праводзіцца фальклорнае свята “Масленіца на Юр’евай гары”. Не сказаць, што гэта традыцыя была тут спрадвеку, аднак у нашы дні свята набыло сваіх прыхільнікаў.
Масленічныя забаўкі на Юр'евай гары. 2018 г. Фота Сяргея Гапона

Найхутчэй, прывыкнуць людзі і да дазорнай вежы, пачнуць лічыць яе не толькі элементам турыстычнай інфраструктуры, але і мясцовым помнікам. Толькі ці варта, апраўдваючы яе існаванне, адкідваць і іншыя версіі таго, што магло тут некалі быць, і перастаць шукаць праўду?

Вежа-дазорца на Юр'евай гары на стадыі будаўніцтва. Фота Алены Шатурынай-Бобінай


Комментариев нет:

Отправить комментарий