воскресенье, 23 мая 2021 г.

Пад бел-чырвона-белым сцягам

 
Сяляне ўцякаюць з ППС, Вызвалення, Сялянскага Саюза і ўступаюць у БСРГ. Малюнак Язэпа Горыда з грамадоўскага сатырычнага часопіса “Маланка” (№ 14, 1926г.)

У міжваенны перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня выкарыстоўваліся рознымі адукацыйнымі ўстановамі і культурніцкімі арганізацыямі. Сярод іх былі Віленская і іншыя беларускія гімназіі, Барунская беларуская настаўніцкая семінарыя, Беларускі студэнцкі саюз пры Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы (на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна гурткі гэтай арганізацыі існавалі ў вёсках Мінкі, Ракаўцы, Гейляшы, Лоша, Шутавічы, Карналінка, Янегі, Мель, Белявічы (сумесна з жыхарамі Мацюлян і Пагарэльшчыны)). Гэтымі ж сімваламі карысталіся таксама і некаторыя палітычныя партыі, у прыватнасці - Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Прычым, апошняя прытрымлівалася рэвалюцыйна-дэмакратычных прынцыпаў, была цесна звязана з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі і лічылася ў Польшчы прасавецкай.

Заснавальнікі БСРГ, члены Беларускага пасольскага клуба (беларускай фракцыі ў польскім парламенце) Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла, Павел Валошын

БСРГ з’явілася на палітычнай арэне 24 чэрвеня 1925 г. Сярод яе заснавальнікаў былі такія вядомыя асобы як Браніслаў Тарашкевіч і колішні кіраўнік Барунскай беларускай настаўніцкай семінарыі Сымон Рак-Міхайлоўскі. Па ліку сваіх членаў (каля 120 000 чал.) і партыйных ячэек (2 000 гурткоў), Грамада з’яўлялася найбуйнейшай у тагачаснай Еўропе рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй, а ў гісторыі Беларусі - самай масавай палітычнай партыяй.

Вокладка аднаго з нумароў грамадоўскага часопіса “Маланка”. Дарэчы, перыядычных выданняў гэтая арганізацыя мела каля 10 найменняў

Прынятая 12 мая 1926 г. праграма БСРГ змяшчала наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сялянска-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакратычных свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытворчай і крэдытнай кааперацыі; нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і іншае.

“Толькі з БСРГ да светлай будучыні пад бел-чырвона-белым сцягам!” – магчыма, менавіта гэта хацеў сказаць сваім малюнкам славуты Язэп Драздовіч

У самым пачатку існавання Грамады ў гэтую арганізацыю ўступалі цэлымі вёскамі. Шмат яе прыхільнікаў было і ў Ашмянскім павеце. Да прыкладу, у мястэчку Гальшаны налічвалася каля 250 членаў гэтай арганізацыі. На тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна к канцу 1926 г. гурткі Грамады існавалі ў вёсках Гарбачы, Зарудзічы, Міхневічы, Сінькі, Суцькава, Паніззе, Трэцяе Мая, Цары, Яневічы. Не зусім вялікім, але вельмі актыўным быў грамадоўскі гурток у мястэчку Крэва. Старшынёй яго быў Іван Яблонскі, а сакратаром – Міхась Былінскі.

Грамада была вельмі актыўнай і ўплывовай арганізацыяй, таму польскія ўлады рабілі ўсё, каб абмежаваць і ўрэшце спыніць яе дзейнасць. Адзін з эпізодаў супрацьстаяння крэўскіх грамадоўцаў і паліцыі апісаны ў кнізе “Памяць. Смаргонскі раён” (Мінск, 2004 г.):

“10.11.1926 г. член Крэўскага камітэта Грамады Міхась Былінскі звярнуўся ў паліцыю за дазволам на правядзенне сходу. Крэўскі камендант пачаў шукаць прычыны, каб не даць гэты дазвол: адсутнасць старасты, няведанне беларускай мовы паліцыянтам, які павінен быў прысутнічаць на сходзе i г.д. Толькі 15 лістапада быў атрыманы дазвол на правядзенне сходу на 51 чалавека, прыйшло 37 чалавек. А праз 2-3 гадзіны з’явіўся крэўскі камендант, паліцыянт i чалавек у цывільным, i сход быў закрыты. Удзельнікі сходу Язэп Леановіч, Язэп Каліноўскі, Лука Страшкевіч, Пелагея Страшкевіч, Антон Мігановіч, Мікалай Левановіч, Мікалай Страшкевіч, Насця Левановіч, Міхась Былінскі, Іван Яблонскі, Фёдар Павалаеў, Юльян Страшкеві былі дапытаны, а праз некаторы час арыштаваны і асуджаны Віленскім акруговым судом: Іван Яблонскі - на 45 дзён, Міхась Былінскі - на 60 дзён, Лука Страшкевіч, гаспадар дома на вул. 3арэчнай, 8, дзе адбываўся сход - на 45 дзён, Канстанцін Левановіч - на 45 дзён, Пётр Страшкевіч - на 45 дзён, Стась Страшкевіч - на 10 дзён (не член Грамады). Польскія ўлады абвінавацілі Крэўскую арганізацыю БСРГ у палітычнай прапагандзе супраць існуючага ладу.”

Дом Лукаша Страшкевіча (другі злева, захаваўся да нашых дзён) на вул. Зарэчнай, у якім крэўскія грамадоўцы праводзілі свае сходы. Здымак 1960-ых гадоў

21 сакавіка 1927 г. БСРГ была афіцыйна забаронена польскімі ўладамі, пасля чаго многія яе прыхільнікі (у тым ліку і крэўскія) папоўнілі шэрагі падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якую моцна падтрымліваў Савецкі Саюз.

Праўда, у гэтай арганізацыі быў ужо іншы сцяг.


Комментариев нет:

Отправить комментарий