Айцец В. Гадлеўскі падчас імшы ў Жодзішскім касцёле. 1924 г.
Відаць, не будзе перабольшваннем тое, што па частаце ўжывання ў міжваеннай заходнебеларускай прэсе тапонім “Жодзішкі” знаходзіцца ў ліку лідараў. Доўгі час гэтае мястэчка, якое адміністрацыйна адносілася спачатку да Свянцянскага, а з 1926 г. – да Вілейскага павета, было адным з асноўных асяродкаў беларускага нацыянальнага руху і рэлігійнага жыцця, гэтакім “беларускім Рымам”, як з гонарам называе яго адзін з карэспандэнтаў “Беларускай крыніцы”.
Жодзішскі касцёл Св. Тройцы ў канцы ХІХ ст.
На старонках гэтай і іншых газет раз за разам з’яўляліся матэрыялы пра патрыятычную дзейнасць жодзішскага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, пра справы мясцовага гуртка Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, пра жыццё і змаганне тутэйшага люду за свае правы. Менавіта праз артыкул аб Жодзішках адзін з нумароў той самай “Крыніцы” быў забаронены для распаўсюду і канфіскаваны паліцыяй. Між тым пра падзею, аналіз якой давала газета ў тым артыкуле, пісалі не толькі заходнебеларускія і польскія выданні, але і замежныя. Праўда, інтэрпрэтацыя таго, што тады здарылася пры Жодзішскім касцёле, у кожнага была свая.
Від на Жодзішскі касцёл у гады І сусветнай вайны
Ці не першым выданнем, якое паспяшалася расказаць чытачам пра той памятны рэферэндум аб мове падчас набажэнстваў, быў польскамоўны “Dziennik Wileński” (№95 за 28 красавіка 1925 г.). “Крывавы плебісцыт ксяндза Гадлеўскага” – ужо ад самога загалоўка папахвала нечым “смажаным”. Яшчэ больш застрашваў падзагаловак: “Беларускія баевікі збілі польскае насельніцтва”. Каб не быць абвінавачаным у прадузятасці, падаю пераклад таго тэксту з польскай мовы поўнасцю:
“Ужо доўгі час у Жодзішках Свянцянскага павету вялася беларуская агітацыя пад кіраўніцтвам кс. Гадлеўскага за ўвядзенне ў мясцовым касцёле набажэнстваў на беларускай мове. Яго Экселенцыя кс. Біскуп Матулевіч, кіруючыся пажаданнямі кс. Гадлеўскага, загадаў правесці плебісцыт у Жодзішках. У нядзелю, 26 чысла бягучага месяца, пасля набажэнства на двары плябаніі сабраліся натоўпы парафіян. Узрушаных беларусаў было найбольш. З дазволу прадстаўніка біскупскай курыі, дэкана Свірскага кс. Галяка, пробашч парафіі кс. Гадлеўскі сказаў усім, хто сабраўся, каб палякі сталі справа, а беларусы - злева. Калі ён заўважыў, што польская група вельмі вялікая, ён кінуўся ў польскі натоўп, крычучы, што людзі з іншых парафій павінны сысці. За ім рушылі падрыхтаваныя загадзя беларускія баевікі і пачалі збіваць палякаў. Пачалася неапісальная мітусня. Перш чым паліцыя змагла дапамагчы палякам, якіх збівалі, жорстка пабітымі сярод іншых аказаліся мясцовы войт і настаўнік пачатковай школы, іх ледзьве выцягнулі з натоўпу беларускіх баевікоў. Паліцыя арыштавала 7 чалавек. Як нас праінфармавалі, кс. Гадлеўскі не быў арыштаваны толькі з-за павагі да яго святарскага сану, хаця ён, як падбухторшчык, павінен быў апынуцца за кратамі ў першую чаргу.”
“Ужо доўгі час у Жодзішках Свянцянскага павету вялася беларуская агітацыя пад кіраўніцтвам кс. Гадлеўскага за ўвядзенне ў мясцовым касцёле набажэнстваў на беларускай мове. Яго Экселенцыя кс. Біскуп Матулевіч, кіруючыся пажаданнямі кс. Гадлеўскага, загадаў правесці плебісцыт у Жодзішках. У нядзелю, 26 чысла бягучага месяца, пасля набажэнства на двары плябаніі сабраліся натоўпы парафіян. Узрушаных беларусаў было найбольш. З дазволу прадстаўніка біскупскай курыі, дэкана Свірскага кс. Галяка, пробашч парафіі кс. Гадлеўскі сказаў усім, хто сабраўся, каб палякі сталі справа, а беларусы - злева. Калі ён заўважыў, што польская група вельмі вялікая, ён кінуўся ў польскі натоўп, крычучы, што людзі з іншых парафій павінны сысці. За ім рушылі падрыхтаваныя загадзя беларускія баевікі і пачалі збіваць палякаў. Пачалася неапісальная мітусня. Перш чым паліцыя змагла дапамагчы палякам, якіх збівалі, жорстка пабітымі сярод іншых аказаліся мясцовы войт і настаўнік пачатковай школы, іх ледзьве выцягнулі з натоўпу беларускіх баевікоў. Паліцыя арыштавала 7 чалавек. Як нас праінфармавалі, кс. Гадлеўскі не быў арыштаваны толькі з-за павагі да яго святарскага сану, хаця ён, як падбухторшчык, павінен быў апынуцца за кратамі ў першую чаргу.”
Арыгінальны тэкст паведамлення пра плебісцыт у Жодзішках з газеты “Dziennik Wileński”
На наступны ж пасля гэтай публікацыі дзень газета “Беларуская Доля”(№29, 29 красавіка 1925 г.) дала абвяржэнне ад імя кс. Гадлеўскага і ад самой рэдакцыі пад загалоўкам “Плебісцыт у Жодзішскай парафіі”. Тэкст падаю таксама поўнасцю, з захаваннем арфаграфічных і пунктуацыйных асаблівасцей арыгіналу:
“Паважаны Пане Рэдактар! Каб выясьніць праўду, вельмі прашу памясьціць у “Беларускай Долі” папраўку такога зьместу:
У “Dzien. Wileń.” №95 была надрукавана сенсацыйная вестка аб нейкім “крывавым плебісцыце кс. Гадлеўскага”, пры гэтым адзначаецца, што польская люднасьць была збітая (“zmazakrowana”) беларускай баёўкай. Вот-жа мушу адзначыць, што не толькі ня было ніякага “mazakrawania”, але нават ніякай бітвы, што было сцьверджана і запратаколена камісіяй, робячай плебісцыт. А камісія, складаная з саміх ксяндзоў для “Dzien. Wil.”, адданых, бо кс. Галяка Сьвірскага дзекана, кс. Кудэрэўскага пробашча з Дамішава і кс. Паўловіча з Кабыльніка. Затым і вестка ” Dz. Wil.” ёсьць звыклай сэнсацыяй, ідучай да таго, каб нацкаваць уладу на беларускае духавенства.
Прыміце П. Рэдактар словы паважаньня
Кс. В. Гадлеўскі
Жодзішскі пробашч
Ад Рэдакцыі. Як намі выясьнена, ні аб якой беларускай “баёўцы” ў Жодзішках не магло быць і гутаркі, - затое была баёўка польская: уся польская шляхта, паны і вучыцялі зьявіліся ўваружаныя равальвэрамі, і нават быў прыведзены перад касцёл паліцэйскі кулямёт, што выклікала зусім зразумелае абурэньне сярод беларускае большасьці. Аднак, дзякуючы тактоўнасьці кс. Гадлеўскага, ні да якое бітвы не дайшло.
Але і кулямёту беларускія сяляне ўжо не палохаюцца, што і паказалі вынікі плебісцыту: за беларускую мову ў касьцёле высказалася вялізарная большасьць.”
Партрэт кс. Вінцэнта Гадлеўскага з газеты "Крыніца"
Яшчэ праз колькі дзён (а менавіта – 3 траўня 1925 г.) газета “Крыніца” змясціла на сваіх старонках разгорнутыя сведчанні аднаго з відавочцаў падзей, што адбыліся падчас плебісцыту ў Жодзішках. Сведка (аўтар так і падпісаўся пад сваім допісам) шчыра дзеліцца не толькі ўбачаным, але і сваімі думкамі наконт таго, што тады адбылося. Ён заўважае, што нешматлікія прыхільнікі польскай мовы ў касцёле, каб прыдбаць галасы на сваю карысць, за тыдзень да плебісцыту кінуліся шукаць для сябе хаўруснікаў па іншых парафіях. І сапраўды, народу ў прызначаны для правядзення галасавання дзень у Жодзішках прыкметна паболела: тут можна было сустрэць людзей з Данюшаўскай, Войстамскай, Вішнеўскай, Нястанішскай, Сольскай і Свірскай парафій.
Звяртае ўвагу аўтар допісу і на тое, што камісія, якая мелася падлічваць галасы, складалася з адных прыхільнікаў польскай мовы. “Усе палякі, а беларусаў ніводнага”, - абураецца карэспандэнт. Па яго словах, калі члены камісіі заўважылі, што пасля дзялення парафіянаў на дзве групы купка прыхільнікаў польскай мовы атрымалася зусім невялікай, то яны пачалі заблытваць людзей з боку беларусаў. Маўляў, калі вы за беларускую мову, то павінны перайсці ў супрацьлеглы бок. Некаторыя, не разабраўшыся, узяліся пераходзіць. Пачалася неразбярыха. Некаторыя прадстаўнікі польскай групоўкі, каб запалохаць апанентаў, падаставалі з кішэняў рэвальверы. Беларусы абурыліся. Пачалася штурханіна. У гэты час прыбыла ўзброеная паліцыя. На званіцы, дзе дагэтуль стаялі члены камісіі, устанавілі кулямёт. Жанчыны і дзяўчаты, убачыўшы зброю, кінуліся ўцякаць. Мужчыны ж не крануліся з месца.
У выніку плебісцыту, нягледзячы на неразбярыху і спробы камісіі зрабіць усё на свой капыл, члены яе ўсё ж вымушана была прызнаць, што за беларускую мову прагаласавала большасць народу – была названа лічба ў 60 працэнтаў.
Мова большасці ў жодзішскім касцёле з гэтага часу пачала мець перавагу. Тыя, хто жадаў слухаць казанні па-польску, маглі рабіць гэта пасля імшы.
Каб быць яшчэ больш аб’ектыўнымі, звернемся да сведчанняў і прадстаўніка іншага боку. Ужо ў нашы дні ў перакладзе на беларускую мову выйшла кніга “Мае ўспаміны”, напісаная колішнім жыхаром мястэчка Жодзішкі Феліксам Жылкай, які ў 1930-ыя гады быў войтам мясцовай гміны. Жылка – прыхільнік “польшчызны”, і гэтым усё сказана. Шмат увагі ён удзяляе ў сваёй кнізе і асобе ксяндза Гадлеўскага, і моўнаму пытанню. Пра ксяндза Гадлеўскага ён адклікаецца нядрэнна, хоць бачна, што гэта зусім не яго кумір. І беларускую мову ён лічыць не зусім прыгоднай для касцёла. Канечне ж, у апісанні моўнага плебісцыту ў Жодзішках ён глядзіць на многія дэталі як праціўнік новаўвядзенняў. Тым не менш, яго аповед пра гэтую падзею мае больш агульнага з тым, што расказаў пра яе “Сведка”, аўтар допісу ў “Крыніцу”, чым з тым, што імкнуўся падаць чытачу “Dziennik Wileński” ў сваёй інтэрпрэтацыі таго, што тады адбылося.
Пра ўсе нюансы плебісцыту, які хоць і адбываўся пад дулам кулямёту, але быў пераможным для прыхільнікаў беларушчыны, пра трыумф беларускай мовы ў жодзішскім касцёле пасля гэтай перамогі, пра добры прыклад для іншых беларусаў – пра ўсё гэта мела намер расказаць газета “Крыніца” ў №22, які павінен быў выйсці 24 траўня 1925 года. Аднак увесь наклад тады быў канфіскаваны менавіта з-за артыкула пра перамогу жодзішскіх беларусаў. Праўда, салідарнасць і тут перамагла: члены Беларускага пасольскага клубу звярнуліся да міністра ўнутраных спраў са скаргай аб беспадстаўнай канфіскацыі газеты, і ўжо наступны нумар “Крыніцы” выйшаў з “крамольным” артыкулам у якасці перадавіцы.
І ўсё ж улады не спынялі свайго ціску на патрыятычна настроеных беларусаў. Ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага за яго дзейнасць двойчы саджаюць за краты. Ізноў газеты пішуць пра Жодзішкі. Гэтым разам пра тое, як мясцовыя жыхары змагаюцца за свайго пробашча.
Кс. В. Гадлеўскі (у цэнтры) з сябрамі гуртка Інстытута беларускай гаспадаркі і культуры з Жодзішкаў. 1925 г.
1 траўня 1927 г. ў Жодзішкі прыбывае новы ксёндз Рамуальд Дроніч. Настроены супраць беларусаў, ён нейкі час усё ж быў вымушаны выконваць умовы плебісцыту і праводзіць службы не толькі па-польску, але і па-беларуску. Але, як пішуць газеты і сведчыць Фелікс Жылка, ужо ў кастрычніку гэтага ж года ён аб’яўляе з амбона, што “больш не будзе прамаўляць казанняў на беларускай мове, бо пераканаўся, што такія казанні не маюць неабходнасці рэлігійнай, а носяць характар патрыятычнага руху”. Для таго, каб людзі не ішлі да яго з просьбай адмяніць сваё рашэнне, ён складае публічную прысягу, што не адступіць ад сваёй пастановы. І калі патрыятычна настроеныя беларусы пачынаюць падчас імшы спяваць на роднай мове, ксёндз вымушае іх пакінуць касцёл. Калі падобнае паўтараецца іншым разам, то вернікаў-беларусаў забірае паліцыя, іх адвозяць у Вілейку і саджаюць на дзесяць сутак.
Тым не менш, і ў далейшым назва мястэчка Жодзішкі не перастае з’яўляцца на старонках заходнебеларускіх газет. Абуджаныя ад сну, беларусы не спыняюць свайго змагання.
Жодзішскі касцёл Св. Тройцы ў нашы дні







Комментариев нет:
Отправить комментарий