Баруны. Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Міжваенне
Сапраўды, Баруны, невялікае мястэчка ў Ашмянскім павеце, з’яўляліся тады адным з важнейшых асяродкаў беларускасці ў нашым краі. Наогул, палітычнае жыццё ў мястэчку ў той час віравала, пра што сведчаць многія тагачасныя газеты, у прыватнасці – віленскія “Крыніца”, “Наша думка” і “Еднасць”. Такога не назіралася нават у больш буйным суседнім Крэве. Апынуўшыся ў час І сусветнай вайны ў самым эпіцэнтры баёў, тое цяпер залечвала свае раны, і яго жыхарам было не да палітыкі. Наогул, нейкі час пасля вайны нават управа крэўскай воласці размяшчалася ў Барунах.
Высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці мясцовых беларусаў быў прыкметны нават няўзброеным вокам. У адным з нумароў газеты “Наша думка” прыводзіцца прыклад, калі на сходзе сяброў барунскага кааператыву “Ходзька” грамада запатрабавала ад інструктара, што прыехаў з Вільні, весці гутарку толькі па-беларуску. Газета “Крыніца” распавядае пра палеміку мясцовых парафіянаў з заезджым польскім ксяндзом Мацеевічам, які разгарнуў у касцёле агітацыю супраць іх беларускасці. Довады агітатара натыкаліся на дасціпныя контр-аргументы беларусаў, і яму не заставалася нічога іншага, як пачаць запалохваць сваіх апанентаў польскімі гарматамі.
У газеце “Беларускі звон” расказваецца пра выпадак з Леапольдам Скульскім, які дагэтуль нейкі час з’яўляўся польскім прэм’ер-міністрам і заяўляў, што праз пяцьдзясят гадоў беларусаў у Польшчы не будзе. Дык вось гэты Скульскі, знаходзячыся ў Барунах, пачаў агітаваць на рынку мясцовых сялян за сваю кандыдатуру на бліжэйшых выбарах, за польскія парадкі. Узбураны народ накінуўся на хлуслівага прамоўцу, пабіў яго і прагнаў з рынку. Скульскі, дастаўшы рэвальвер, хацеў страляць, але паліцыя, прадбачачы дрэнны канец, не дала яму зрабіць гэта. Аўтар допісу хоць і не апраўдвае выкарыстаны барунцамі спосаб барацьбы, аднак дэманструе салідарнасць з імі. Сваё паведамленне ён завяршае наступнымі словамі: “Як вы з намі, так і мы з вамі. Пан Скульскі меў магчымасць пераканацца, што пяцьдзясят гадоў – час вельмі кароткі, каб апалячыць беларусаў”.
Немалаважную ролю ў выхаванні патрыятычных пачуццяў у мясцовых жыхароў адыгралі дзейнасць тутэйшага ксяндза Міхала Пятроўскага і адкрыццё ў Барунах беларускай настаўніцкай семінарыі.
Міхал Пятроўскі быў адным з паплечнікаў Адама Станкевіча ў справе адраджэння Бацькаўшчыны і пашырэння беларускай мовы ў касцёле. Нарадзіўся ён у 1889 г. на Полаччыне ў сям’і панскага эканома. Скончыў Полацкую гімназію, затым – Віленскую духоўную семінарыю. З 1910 г. працаваў вікарыем у розных беларускіх парафіях Віленскай дыяцэзіі (Жалудок, Даўгінава, Мосар і інш.)
Яшчэ ў семінарскія гады Міхал Пятроўскі быў свядомым беларусам. З 1913 г. стаў падпісчыкам, распаўсюднікам і супрацоўнікам газеты “Беларус”.У 1914 г. Пятроўскі паступае ў духоўную акадэмію ў Пецярбурзе. Апрача навуковай працы, ён працягвае цікавіцца справай беларускай, з’яўляецца дзейсным сябрам акадэміцкага гуртка студэнтаў-беларусаў.
Міхал Пятроўскі быў сябрам Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, з’яўляўся арганізатарам, душой і аўтарам рэзалюцый яе з’езда, што адбыўся ў жніўні 1918 г. ў Германавічах Дзісенскага павета.
У 1919 г. М. Пятроўскі бярэ пад апеку касцёл у Барунах. Знаходзячыся тут, ён працягвае сваю нацыянальна-патрыятычную дзейнасць. Польскія касцельныя ўлады ўсякім чынам намагаюцца “астудзіць” высакародныя пачуцці Пятроўскага і не даць хады яго справам на ніве беларушчыны. У самым пачатку свайго знаходжання ў Барунах ён атрымаў ад ашмянскага дэкана Ч. Гурскага ліст наступнага зместу: “Прашу паслухаць маёй прыяцельскай парады: я параіў бы не размаўляць з людзьмі па-беларуску, а тым больш казаць пропаведзі на беларускай мове, таму што людзі не просяць аб гэтым і разумеюць усё па-польску. Я раю гэта, бо ўлады ўстрывожаны паводзінамі пробашча, расце іх абурэнне. Паліцыя шле скаргі , і пробашч можа пацярпець”.
Трэба сказаць, што дзейнасць Пятроўскага знайшла масавую падтрымку сярод мясцовых жыхароў. Як паведамляе газета “Еднасць” у нумары за 5 чэрвеня 1921 г., калі з прыходам Саветаў ён быў арыштаваны, сялянская дэлегацыя адправілася ў Ліду хадайнічаць перад бальшавіцкімі камісарамі аб вызваленні ксяндза, і тыя былі вымушаны яго адпусціць. Такую ж падтрымку землякоў меў святар, калі за сваю дзейнасць апынуўся ўжо ў польскай турме.
Як адзначалася ў адным з допісаў ў згаданую “Еднасць”, яшчэ ў 1920 годзе і беларусы, і палякі жылі ў Барунах у згодзе. Супольна ладзілі вечарыны, ставілі спектаклі, тварылі народны ўніверсітэт, утрымлівалі прытулак і апекавалі народнымі кухнямі. Душой усяго гэтага быў ксёндз Пятроўскі. Наогул, аўтар допісу характарызуе гэтага чалавека толькі найлепшым чынам: добры, спагадлівы, клапатлівы. І найперш, даспадобы была простаму мясцоваму люду яго прыхільнасць да беларускай ідэі.
З прыходам польскага войска вярнуліся ў Баруны тутэйшыя паны і падпанкі, якім нацыянальныя погляды барунскага ксяндза былі як костка ў горле. Вось і сталі яны дапякаць яму ўсялякімі спосабамі, вінаваціць у здрадзе справе адраджэння польскай дзяржаўнасці. Сваё цкаванне вялі і ў вуснай форме, і праз польскія газеты. “Rzeczpospolita” ў № 118 за 1921 г. пад загалоўкам “З Ашмянаў” змясціла карэспандэнцыю нейкага P. Ks. У сваёй сляпой нянавісці да святара аўтар допісу пераходзіць усе межы звычайнага разумення, вінавацячы таго амаль ці не ў раскідванні бальшавіцкіх пракламацый. Карэспандэнт, маючы на ўвазе Міхала Пятроўскага, заклікае ўлады прыпыніць дзейнасць “разнастайных агентаў, што ажыццяўляюць дэструктыўную работу”.
Польская партыя “Одродзэне” на сваім з’ездзе ў лютым 1921 г. адкрыта скардзіцца на тое, што кс. Пятроўскі і яму падобныя дужа перашкаджаюць ёй у справе паланізацыі і ўтрымлівання краю пры Польшчы. Гэткага ж зместу з’яўляюцца скаргі і ад вайсковых уладаў, якія прыпісваюць барунскаму ксяндзу сувязь з бальшавікамі.
У рэшце рэшт, Міхал Пятроўскі ізноў трапляе за краты. Ён быў арыштаваны 26 чэрвеня і змешчаны ў Лукішскую турму ў Вільні. Пра гэта паведамляецца, у прыватнасці, у газеце “Еднасць” за 3 ліпеня 1921 г. Выданне абураецца, што “некаторыя адзінкі сярод польскай адміністрацыі да гэтага часу не зразумелі таго, што беларуская праца не з’яўляецца дзяржаўнай здрадай, і што ўстарэлі ўжо спосабы, якімі кіраваўся расійскі царскі ўрад”. Газета “Крыніца” паведаміла пра арышт святара і рэакцыю на гэта жыхароў Барунаў у сваім перадавым артыкуле за 10 ліпеня. У гэтым жа нумары апублікаваны і зварот Беларускага нацыянальнага камітэту да ўладаў з патрабаваннем вызвалення Міхала Пятроўскага.
Народную любоў да кінутага за краты ксяндза характарызуе наступнае кароткае паведамленне ў адзін з нумароў газеты “Еднасць”: “Вось ужо прайшло болей як паўтара месяца ад часу арышту нашага дарагога пробашча кс. Міхала Пятроўскага. Два разы падавалі мы ў гэтай справе просьбу аб яго звальненні. Пад гэтай просьбай падпісалася каля 2 тысяч парафіянаў, ездзілі да ген. Жэлігоўскага (кіраўнік тагачаснага дзяржаўнага ўтварэння Сярэдняя Літва, у які ўваходзіў і наш край), Макжэцкага (старшыня Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы), да пракурора, усіх прасілі, але дагэтуль нічога з гэтага не выйшла, і пробашч усё яшчэ под арыштам. Відаць, голас асабістых ворагаў кс. Пятроўскага мацнейшы, чым двух тысяч сялян”.
Пад такім націскам патрыятычна настроеных беларусаў улады вымушаны былі змякчыць пакаранне. Святара хутка выпусцілі з турмы і змясцілі пад хатні арышт. Яшчэ доўгі час, спачатку ў самой кватэры, дзе ён пражываў у Вільні, пасля – пры браме да яе, знаходзіўся ўзброены паліцыянт. З-за пастаяннага напружання пагоршала здароўе святара, які ўжо дагэтуль меў праблемы з сэрцам. І толькі 22 кастрычніка варта ля дома была зусім знята, і айцец Міхал апынуўся на свабодзе. У Баруны за гэты час прыслалі іншага ксяндза. Пятроўскі ж, прабыўшы некаторы час без месца, быў прызначаны пробашчам у Даўгінава Вілейскага павета, а затым – у парафію Вінна, што ў Бельскім павеце. Маючы слабае здароўе, ён пакрысе адыходзіць ад грамадскай дзейнасці. 25 ліпеня 1931 г. гэты палымяны патрыёт Бацькаўшчыны пакінуў наш свет.



Комментариев нет:
Отправить комментарий