Будынак былога манастыра і школы базыліянаў у Барунах, у якім у пачатку 1920-ых гадоў размяшчалася Беларуская настаўніцкая семінарыя. Фота Сяргея Лушчыка
На час дзейнасці айца Міхала Пятроўскага (Спасылка) ў Барунах прыпадае і адкрыццё там беларускай настаўніцкай семінарыі. Яе шлях у гісторыі быў надзвычай кароткім, але вельмі значным і яркім. Навучальная ўстанова па падрыхтоўцы педагогаў для пачатковых школ існавала тут яшчэ з 1915 года. Але тады яна была рускамоўнай. З прыбліжэннем фронту яна была пераведзена ўглыб Расіі. І вось дзякуючы намаганням Беларускай школьнай рады, Дэпартамент асветы Сярэдняй Літвы даў у канцы 1920 г. дазвол на аднаўленне працы семінарыі, і гэтым разам – з навучаннем на беларускай мове. Яе дырэктарам стаў Сымон Рак-Міхайлоўскі, палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст і педагог. Як і ў даваенныя часы, навучальная ўстанова размяшчалася ў памяшканнях былога манастыра і школы базыліянаў, дзе нейкі час пасля вайны месціўся прытулак для дзяцей-сірот. Дырэктару і педагогам прыйшлося прыкласці немалыя намаганні, каб прывесці ў парадак занядбаны будынак. І вось 16 лютага 1921 года адбыўся першы ўступны экзамен. Да 20 лютага з 58-і асоб (42 хлопцы і 16 дзяўчат) былі сфармаваны два першыя класы. Найбольшую колькасць навучэнцаў дала Куцавіцкая воласць, да якой адносіліся Баруны. Далей ішлі воласці Крэўская, Гальшанская, Забрэзская, Палянская, Палачанская і Лебедзеўская. Пры семінарыі быў створаны інтэрнат на 35 чалавек і падрыхтавана агульная кухня, харчаванне ў якой ажыццяўлялася на сродкі бацькоў і ахвяраванні амерыканскіх дабрачынных арганізацый.
Баруны ў час І сусветнай вайны
Планавалася, што навучанне ў семінарыі будзе доўжыцца 4 гады. Аднак з першых дзён свайго існавання ўстанова пачала падвяргацца нападкам з боку польскіх шавіністаў. 14 сакавіка паліцыя спыніла лекцыі, зачыніла і апячатала класы і бібліятэку. Як сведчыць газета “Беларускі звон”, паліцэйскія ў час закрыцця семінарыі паводзілі сябе нахабна, лаяліся рускім матам, а адзін з іх звярнуўся па-польску да навучэнцаў з наступнымі словамі: “А хто будзе чытаць беларускія кніжкі, таму – пулька ў лоб!” І толькі 7 красавіка, пасля шматлікіх зваротаў бацькоў навучэнцаў да ўладаў, Дэпартамент асветы Сярэдняй Літвы даў дазвол на аднаўленне заняткаў. Праўда, навучальны год для гэтай навучальнай установы быў чамусьці скарочаны да 15 мая. Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, гэты дзень стаў апошнім і ў гісторыі беларускай настаўніцкай семінарыі. Улады запэўнівалі, што яе ўсяго толькі збіраюцца перанесці ў іншае месца. Аднак гэта былі толькі адгаворкі. На наступны навучальны год семінарыя працягнула працу, але выкладалі ў ёй ужо па-польску. Прадмет беларускай мовы, праўда, заставаўся ў навучальнай праграме, але гэта было толькі для адводу вачэй. Як сведчыў паэт Пятро Бітэль, які там вучыўся, выкладалася яна не на належным узроўні.
Сымон Рак-Міхайлоўскі
А ў дзень закрыцця беларускай настаўніцкай семінарыі яе педагогі і навучэнцы зладзілі шыкоўную развітальную вечарыну, якая стала своеасаблівым пратэстам супраць дзеянняў новых гаспадароў краю. Яна так і называлася “Беларускі вечар”. У адным з нумароў “Нашай думкі” падрабязна апісана, як было аформлена памяшканне і што было прадстаўлена гледачам. Зала, перапоўненая мясцовым людам, была аздоблена гірляндамі з зелені і беларускімі нацыянальнымі сцяжкамі, сцены ўпрыгожаны партрэтам Францішка Багушэвіча, бел-чырвона-белым штандарам з Пагоняй, цытатамі з твораў беларускіх паэтаў і лозунгамі, што заклікалі шанаваць родную мову. Прадстаўленне пачалося з выступлення хору семінарыстаў. Песню “Божа, што калісь народы...” гледачы праслухалі стоячы. Далей пайшлі вершы Багушэвіча, Купалы, Цёткі, Коласа, Багдановіча, Пачобкі, Неслухоўскага, Ядвігіна Ш. Пасля невялікага перапынку семінарысты паказалі “Паўлінку” Купалы. П’еса была насычана музычнымі нумарамі. Аўтар допісу параўноўвае ігру семінарыстаў з выступленнем у такім жа спектаклі прафесійных акцёраў у адным з віленскіх тэатраў, і гэтае параўнанне было не на карысць апошніх.
На наступны дзень вучні з выкладчыкамі адправіліся ў Вільню, каб пазнаёміцца з помнікамі даўніны гэтага горада. З Барун да станцыі Солы ішлі пехатой. У Жупранах прыпыніліся ля магілы Фр. Багушэвіча, выслухалі прамову свайго дырэктара і памаліліся.
Будынак Барунскай настаўніцкай семінарыі на здымку 1920-ых гадоў
Пасля чатырохдзённай вандроўкі былыя навучэнцы Барунскай беларускай настаўніцкай семінарыі раз’ехаліся па сваіх вёсках. Для некаторых з іх адукацыя на гэтым закончылася, іншыя ж вымушаны былі прыстасоўвацца да новых парадкаў.
У далейшым яшчэ доўгі час жыхары Барунаў трымаліся беларускасці і працягвалі адстойваць свае правы. Але сілы былі няроўныя: на баку нешматлікага польскага элемента, у большасці сваёй – наноснага, былі ўсе вышэйстаячыя ўлады, войска, паліцыя і несправядлівыя законы.
Мемарыяльная шыльда на сцяне колішняга манастыра і навучальных устаноў




Комментариев нет:
Отправить комментарий